Беларуская ўніверсальная таварная біржа
Беларуская ўніверсальная таварная біржа (БУТБ) – адзіная таварная біржа ў Рэспубліцы Беларусь і найбуйнейшая спотавая біржа Усходняй Еўропы.
Штогод на біржы здзяйсняецца больш за 400 000 здзелак на суму каля 4 млрд долараў ЗША, а кліенцкая база налічвае звыш 31 000 кампаній з 71 краін свету.
Біржавыя таргі праводзяцца ў рэжыме анлайн з прымяненнем электроннага лічбавага подпісу (ЭЛП).
Гандляваць на біржы можна двума спосабамі:
- самастойна (неабходна акрэдытавацца і атрымаць ЭЛП);
- праз біржавога брокера – прафесійнага ўдзельніка біржавога гандлю, які аказвае пасярэдніцкія паслугі па здзяйсненні біржавых здзелак. З біржай супрацоўнічаюць каля 60 брокераў, у тым ліку замежныя.
Усе дапушчаныя да таргоў тавары падзелены на 6 секцый:
1. Металапрадукцыя – чорныя металы, лом і адходы чорных металаў, каляровыя металы, лом і адходы каляровых металаў, кабельна-правадніковая прадукцыя, кокс, вугаль і г.д.
2. Лесапрадукцыя – лесаматэрыялы круглыя, піламатэрыялы, драўняныя пліты, фанера, папера, кардон, паліўныя брыкеты і гранулы, дранка, паслугі ў сферы лясной гаспадаркі і г.д.
3. Сельгаспрадукцыя – малочная прадукцыя, шрот алейных, рапсавы алей, бураковы жом і меласа, кармавыя дабаўкі, сродкі аховы раслін, ветпрэпараты, плодаагароднінная прадукцыя, бакалея і г.д.
4. Прамысловыя і спажывецкія тавары – шырокі спектр тавараў прамысловага і спажывецкага прызначэння.
5. Нафтапрадукты – прадукцыя нафтахімічнай і хімічнай галін.
6. Будматэрыялы, змазачныя рэчывы і палімеры – рэалізацыя цэменту, друзу, сілікатнай цэглы, блокаў з ячэістага бетону, тэхнічных масел і змазак, першасных палімераў, палімернай упакоўкі.
Магчымасці для бізнэсу
Тысячы кампаній у Беларусі і за мяжой рэгулярна выкарыстоўваюць БУТБ у сваёй дзейнасці. Дзякуючы біржы яны эканомяць на закупках, адчыняюць новыя рынкі збыту, пашыраюць круг дзелавых партнёраў.
Акрамя таго, гандлюючы на біржавой пляцоўцы, суб'екты гаспадарання мінімізуюць рызыкі непастаўкі тавару або неатрымання плацяжу за адгружаную прадукцыю, паколькі:
· да таргоў дапускаюцца толькі правераныя кампаніі з бездакорнай дзелавой рэпутацыяй, у выніку чаго аўтаматычна адсяецца большасць нядобранадзейных удзельнікаў рынку;
· ўдзельнікі таргоў могуць дадаткова застрахаваць сябе ад парушэння абавязкаў з боку дзелавога партнёра, выкарыстоўваючы субрахунак біржы для ўзаемаразлікаў. У гэтым выпадку прадавец атрымлівае аплату толькі пасля пацверджання прыёмкі тавару пакупніком;
· на біржы ёсць упраўленне суправаджэння біржавых здзелак, якое дапамагае вырашаць большасць канфліктных сітуацый у дасудовым парадку;
· пры ўзнікненні спрэчак, якія немагчыма ўрэгуляваць мірным шляхам, удзельнікі таргоў могуць звярнуцца ў біржавую Арбітражную камісію. Яна мае статус эканамічнага суда і аператыўна выносіць рашэнні па ўсіх спрэчных пытаннях.
Дзяржаўныя закупкі
У адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь ААТ «Беларуская таварная ўніверсальная біржа» выконвае функцыі аператара электроннай гандлёвай пляцоўкі (ЭГП) па ажыццяўленні дзяржаўных закупак у электронным фармаце (WWW.ZAKUPKI.BUTB.BY).
На пляцоўцы праводзяцца тры віда працэдур закупак: электронны аўкцыён, запыт цэнавых прапаноў, адкрыты конкурс і закупка з адной крыніцы. ЭГП выкарыстоўваецца як для ажыццяўлення дзяржаўных закупак, так і закупак за кошт уласных сродкаў арганізацый.
Электронныя таргі маёмасцю
БУТБ таксама з'яўляецца аператарам электроннай гандлёвай пляцоўкі па рэалізацыі маёмасці «БУТБ-Маёмасць» (WWW.ET.BUTB.BY).
Прадметам таргоў могуць выступаць будынкі, збудаванні, машыны, абсталяванне, транспартныя сродкі, зямельныя ўчасткі, правы заключэння дагавораў арэнды і інш. Пры гэтым магчыма рэалізацыя як дзяржаўнай маёмасці, так і маёмасці, якая знаходзіцца ў прыватнай уласнасці.
На сённяшні дзень на ЭГП акрэдытаваны ўсе абласныя фонды дзяржаўнай маёмасці, а таксама цэлы шэраг прадпрыемстваў і арганізацый прыватнай формы ўласнасці.
Удзельнічаць у электронных таргах могуць не толькі беларускія, але і замежныя юрыдычныя і фізічныя асобы.
Інфармацыйнае абслугоўванне
З мэтай эфектыўнага маніторынгу і аналізу сітуацыі на біржавых рынках Рэспублікі Беларусь і замежжа біржай распрацаваны шэраг інфармацыйна-аналітычных прадуктаў:
· Агляд біржавога таварнага рынку
· Агляд пазабіржавога таварнага рынку
· Біржавы бюлетэнь
· Выбарка з біржавой базы дадзеных па індывідуальных запытах
· Доступ у ходзе таргоў металапрадукцыяй да інфармацыі аб здзейсненых здзелках ў рэжыме рэальнага часу.
Дзякуючы высокай канцэнтрацыі попыту і прапановы дадзеныя прадукты аб'ектыўна адлюстроўваюць рынкавую кан'юнктуру і з'яўляюцца арыенцірам для ўдзельнікаў рынку пры заключэнні здзелак. Біржавая аналітычная інфармацыя распаўсюджваецца на платнай аснове сярод кліентаў біржы, інфармацыйных агенцтваў і іншых зацікаўленых арганізацый.