×
Уважаемый посетитель сайта! Вы используете устаревший браузер. Для корректного отображения информации, пожалуйста, воспользуйтесь другим браузером или обновите используемый!

Новай рэдакцыяй Закона Рэспублікі Беларусь «Аб супрацьдзеянні манапалістычнай дзейнасці і развіцці канкурэнцыі», што ўступіла ў сілу з 3 жніўня 2018 г., прадугледжаны прэвентыўныя меры рэагавання МАРГ на магчымыя парушэнні антыманапольнага заканадаўства - перасцярога і папярэджанне.

Гэта прынцыпова новы механізм, выкарыстанне якога дазваляе аператыўна ліквідаваць парушэнні антыманапольнага заканадаўства без прымянення штрафных санкцый і працяглай працэдуры антыманапольнага расследавання.

Перасцярога выдаецца службовай асобе юрыдычнай асобы (у тым ліку дзяржаўнага органа) з мэтай недапушчэння дзеянняў, якія могуць прывесці да парушэння антыманапольнага заканадаўства.

Падставы выдачы перасцярогі:

  • публічная заява службовай асобы аб запланаваных паводзінах на таварным рынку, калі такія паводзіны могуць прывесці да парушэння антыманапольнага заканадаўства;
  • іншая інфармацыя аб планаваных такой асобай дзеяннях (бяздзейнасці), якія могуць прывесці да парушэння антыманапольнага заканадаўства.

Рашэнне аб накіраванні перасцярогі прымаецца кіраўніком антыманапольнага органа ў тэрмін не пазней за 10 працоўных дзён з дня, калі антыманапольнаму органу стала вядома аб наяўнасці падстаў.

У перасцярозе ўказваюцца: падстава для яе накіравання, а таксама нормы антыманапольнага заканадаўства, якія могуць быць парушаны.

Варта адзначыць, што выдача перасцярогі не цягне за сабой адміністратыўнай адказнасці. Перш за ўсё, яе варта разглядаць як сігнал для недапушчэння магчымага парушэння.

У сваю чаргу папярэджанне выдаецца ўжо на стадыі разгляду заявы аб парушэнні антыманапольнага заканадаўства. Яно выдаецца ў адрас суб'екта гаспадарання. Мэта дадзенай меры - аператыўная добраахвотная ліквідацыя ўжо існых абмежаванняў канкурэнцыі на стадыі антыманапольнага расследавання.

Законам прадугледжана выдача папярэджанняў толькі для двух відаў парушэнняў:

  • пры наяўнасці прыкмет асобных злоўжыванняў дамінантным становішчам;
  • у выпадку здзяйснення дзяржаўнымі органамі антыканкурэнтных дзеянняў (бяздзейнасці), выданні антыканкурэнтных актаў.

Пры разглядзе спраў аб такога кшталту парушэннях антыманапольнага заканадаўства выдача папярэджання з'яўляецца абавязковым этапам.

Папярэджанне можа змяшчаць патрабаванні аб неабходнасці:

  • спынення дзеянняў (бяздзейнасці), якія ўтрымліваюць прыкметы парушэння антыманапольнага заканадаўства;
  • адмены або змянення прававых актаў, якія ўтрымліваюць прыкметы парушэння антыманапольнага заканадаўства;
  • ліквідацыі прычын і (або) умоў, якія садзейнічалі ўзнікненню парушэння антыманапольнага заканадаўства;
  • прыняцця мер па ліквідацыі наступстваў парушэння антыманапольнага заканадаўства;
  • здзяйснення іншых дзеянняў, накіраваных на забеспячэнне і развіццё канкурэнцыі.

Папярэджанне павінна быць у абавязковым парадку разгледжана адрасатам, пасля чаго ён павінен паведаміць у МАРГ аб выкананні альбо невыкананні патрабаванняў антыманапольнага органа.

Калі суб'ект, якому накіравана папярэджанне, цалкам выканаў усе патрабаванні антыманапольнага органа, разгляд справы ў дачыненні да яго спыняецца.

Суб'ект можа не выконваць папярэджанне, пры гэтым адміністратыўная адказнасць за яго невыкананне не прадугледжана. У такім выпадку суб'ект павінен накіраваць у МАРГ у пісьмовай форме свае довады аб нязгодзе з выдадзеным папярэджаннем. Гэтыя довады надалей улічваюцца МАРГ пры правядзенні антыманапольнага расследавання.

У выпадку, калі антыманапольны орган атрымлівае інфармацыю пра тое, што суб'ект не выканаў патрабаванні, выкладзеныя ў папярэджанні, працягваецца антыманапольнае расследаванне, па выніках якога выносіцца рашэнне аб наяўнасці (адсутнасці) парушэння антыманапольнага заканадаўства.

У выпадку ўстанаўлення факта парушэння:

  • суб'екту выносіцца абавязковае для выканання прадпісанне;
  • наступае адміністратыўная адказнасць за парушэнне антыманапольнага заканадаўства.

Даведачна: штрафы за злоўжыванне дамінантным становішчам могуць складаць да 10% ад гадавой выручкі на рынку тавару, дзе здзейснена правапарушэнне, але не менш за 500 базавых велічынь (1 БВ - Br24,5)

Прэзентацыя «Парадак прымянення антыманапольным органам інстытутаў папярэджання і пераасцярогі» (Вольга Каралькова, начальнік аддзела метадалогіі антыманапольнага рэгулявання і канкурэнцыі МАРГ, 12 верасня 2018 г.)